Беларускія загадкі

Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое ўночы? (Сонца, месяц)

 

Два браты глядзяць у ваду, а ніколі не сойдуцца. (Берагі) 

 

Як зайдзе ў дом, не выганіш калом, а пара прыходзіць –  ён і сам уходзіць. (Прамень сонца)

 

Нахмурыцца, насупіцца, у слёзы ўдарыцца – нічога не застанецца.                       (Навальніца)

 

Ляціць, не аддыхае, а крылаў не мае. (Вецер)

 

Ляціць, а не птушка, вые, а не звярушка. (Вецер)

 

Як  ляцеў, то зіхацеў, а як упаў, дык чорны стаў. (Дождж)

 

З гары падае, а ўнізе б'е. (Гром)

 

Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць. (Гром)

 

Адзін лье, другі п’е, а трэці паглынае. (Дождж, зямля, расліны)

 

Вечарам нараджаецца, ноч жыве, а раніцай памірае. (Раса)

 

Вечарам прыляціць, усю ноч на зямлі праляжыць, а раніцай на неба паляціць, (Раса)

 

Поле не змерана, стада не злічана, пастух рагаты. (Неба, зоркі, месяц)

 

На полі Ярох рассыпаў гарох, стала світаць – няма чаго сабіраць.  (Месяц і зоркі)

 

Без ног бяжыць, без век (без вачэй) глядзіць. (Вада)

 

Тут бурліць, там шуміць, а часта работу робіць. (Рэчка)

 

Цякло, цякло і лягло пад шкло. (Рэчка пад лёдам)

 

Усюды дарога адкрыта, а праедзеш  –  следу няма. (Рэчка і лодка)

 

Кругом вада, а з піццём бяда. Хто адгадае, дзе гэта бывае? (На моры)

 

Без тапара (сякеры), без кліна  на   рацэ   мост зрабіў. (Мароз, лёд)

 

Без рук малюе, без зубоў кусае.  (Мароз)

 

Ляціць – маўчыць, ляжыць – маўчыць, а як памрэ, дык зараве. (Снег) 

 

Белы, а не сахар, без ног, а ідзе. (Снег)

 

Хоць ён побач ідзе, а рукамі не возьмеш. (Цень)

 

Без языка – а крычыць, ніхто яго не бачыць, а ўсякі чуе. (Рэха)

 

Выходзілі дванаццаць малайцоў,  выносілі  пяцьдзесят два сокалы, выпускалі трыста шэсцьдзесят пяць лебядзей.   (Год, месяцы, тыдні, дні)

 

Пад акенца падойдзе, не стукаючы, не грукаючы; ад акеаца адойдзе, не стукне, не грукне. (Дзень)

 

Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці. (Ноч)

 

Сястра да брата ідзе, а брат ад сястры хаваецца. (Ноч і дзень)

 

Вясна прыгрэе, шубу надзене; зіма наступае, шубу скідае. (Лісцевае дрэва)

 

Зялёная, а не луг, белая, а не снег, кучаравая, а без валасоў. (Бяроза)

 

Ніхто іх не палохае, а яны ўсё дрыжаць. (Лісце асіны)

 

Сядзяць   паненачкі ў чырвоных  сукеначках,  хто ідзе, дык паклоніцца. (Суніцы)

 

У траве, як аганькі, ружавеюць вугалькі.

Іх вадою не зальеш, рук і ног не апячэш.

Дзень і ноч гараць, палаюць,

Смак яны мядовы маюць. (Суніцы)

 

Стаіць ляпёшка   на   адной ножцы. Хто міма ні пройдзе, усякі ёй паклоніцца. (Грыб)

 

Ніколі шапкі не здымае,

Бо ні адной рукі не мае. (Грыб)

 

Хоць у капелюшы, але галавы не мае. (Грыб)         

 

Не агонь, а не схопіш – абпалішся. (Крапіва)

 

Ля дарогі – шарык белы,

Вецер дзьме, а шарык цэлы.

А як дзьмухнуць хлапчукі –

Пух ляціць ва ўсе бакі. (Дзьмухавец)

 

У гародзе летам, цвіце жоўтым цветам, вышэй усіх узняцца рад, бо ён сонцу малодшы брат. (Сланечнік)

 

На тоненькай ножцы стаіць,

Сонейка на неба глядзіць. (Сланечнік)

 

Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала, зноў жоўтым стала. (Пшаніца)

 

Ураздіўся ён высокі,

Шаўкавісты, сінявокі.

Апранае нас здавён…

Здагадайцеся, хто ён? (Лён)

 

Цвіту ўсё лета я,

Жыву звычайна ў жыце.

Нашу хлапечае імя,

Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)

 

Стаяць каля сценкі Юлькі,

На іх белыя кашулькі.

Сэрцы іх залатыя,

Адгадайце, хто такія? (Рамонкі)

 

У лужку-лужочку выраслі сястрычкі: Залатое вочка, белыя раснічкі. (Рамонкі)

 

У лужку-лужочку

Выраслі сястрычкі:

Залатое вочка,

Белыя раснічкі. (Рамонкі)

 

На градцы зялёны, а ў бочцы — салёны. (Агурок)

 

Сядзіць пані ў чырвоным жупане, хто жупан здзірае, той слёзы пралівае. (Цыбуля)

 

Між  агуркамі,  буракамі — каза з зялёнымі рагамі. (Цыбуля)

 

Летам я рагатая,

Восенню – хвастатая.

Хоць і горкая зусім,

Ды патрэбная ўсім. (Цыбуля)

 

Стаіць паненка, на ёй белая сукенка, на ёй шэсцьдзесят адзёжак і ўсе без засцёжак. (Капуста)

 

Стаіць аднаногі ў зялёным халаце,

А добра прыгледзішся – лата на лаце. (Капуста)

 

Зелёная – не елка, чырвоная – ды не дзеўка, з хвастом – ды не мыш. (Бурак)  

Ён у самы санцапёк

Падстаўляе сонцу бок.

Колерам зеленаваты,

У цяльнашцы паласатай. (Кавун)    

 

Круглы хлявец поўны белых авец. (Гарбуз)

 

Поўна бочачка (бочка) круп, а наверсе струп. (Макаўка, мак)

 

Пад адным калпачком семсот казачкоў. (Мак)

 

Чырвонае цельца, каменнае сэрца, вінная на смак, а завецца як? (Вішня)

 

Маленькая паненачка

Схавалася ў цянёк.

Чырвоная сукеначка,

А беленькі пянёк. (Маліна)

 

Рос, вырас, з куста вылез.

Па кустах пакаціўся, на зубах раскасіўся. (Арэх)

 

Адна я ў лесе з белаю карой.

Багата сокам веснавой парой. (Бяроза)

Заўсёды летам і зімой,

Мае іголачкі са мной.

Галінак у мяне багата.

Я сустракаю з вамі свята. (Елка)

 

Я зацвітаю кожным летам,

Не пышным, ледзь прыкметным цветам.

Але як толькі расцвіту,

Дык пчолы чуюць за вярсту. (Ліпа)

 

Я засцілаю дол ігліцай,

Спрадвеку слаўлюся жывіцай. (Сасна)

І ў сто гадоў я малады.

Маё насенне – жалуды. (Дуб)

 

Стаіць у лесе дрэўца,

Ад ветра лёгка гнецца,

А гронкі ягадак гараць,

І снегіры да іх ляцяць. (Рабіна)

 

Зранку ходзіць на чатырох нагах, удзень – на дзвюх, а ўвечары – на трох. (Чалавек у розным узросце)

 

За сцяной касцяной цецярук балбоча. (Язык)

 

Поўны хлявец авец, а пасярэдзіне чырвоны баран. (Зубы і язык)

 

Адзін гаворыць, двое глядзяць, двое слухаюць. (Язык, вочы, вушы)

 

Два родныя браты цераз дарогу жывуць, а адзін другога ніколі не бачаць. (Вочы)

 

Маленька, кругленька, як бяда прыпрэ, то вада пацячэ. (Вока)

 

Пяць братоў у адну ноч радзіліся, а ростам няроўныя. (Пальцы)

 

Вось вам быль-небыліца:

У пяці чалавек — адна паясніца. (Рука і пальцы)

 

І сваё дзіцё не забыла, і чужых малачком напаіла. (Карова)

 

Не згубіла, а ўсё шукае, не хворая, а ўсё крэхча. (Свіння)

 

Па полі і лузе ходзіць у кажусе. (Авечка)

 

Маленькія лапкі, на лапках драпкі, ціхенька ступае, мышак пужае. (Кот) 

 

Маленькі шарык пад лаўкай шарыць,

Збірае крошкі, баіцца кошкі. (Мышка)

 

Поўна дзежачка віна, а ні верху, а ні дна. (Яйцо)

 

Усіх ў пору буджу, хоць часоў не ваджу. (Певень)

 

Ідзе паважнаю хадою,

Нясе бліны пад барадою. (Певень)

 

Не яздок, а са шпорамі, не стораж, а ўсіх будзіць. (Певень)

 

Домік, поўненькі дабра, доўга быў без жыхара, А жыхар з'явіўся — домік разваліўся. (Куранё)

 

У вадзе купаўся, сухім застаўся, Крылаты, гарласты, чырвоныя ласты. (Гусак)

 

Белы, як снег, надуўся, як мех, гагоча, рагоча, як жарабок. (Гусь)

 

Ён па лесе скок ды скок,

Косіць вокам з боку ў бок.

У дупле вавёрка – шчоўк,

А яму здаецца – воўк. (Заяц)

 

Хоць малы ён, часам з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк. (Вожык)     

 

Паўзун паўзе і іголкі вязе. (Вожык)

 

Два разы нараджаецца, адзін раз памірае. (Птушка)

 

У чырвоных ботах, захаваўшы лапкі, ходзіць па балоце, спрытна ловіць жабкі. (Бусел)

 

Спераду шыльца, ззаду вільцы, наверсе чорнае сукно, падыспадам белае палатно. (Ластаўка)

 

Адгадайце, што за лекар у лясах жыве спрадвеку, лечыць летам і зімой дрэвы дзюбаю сваёй. (Дзяцел)

 

Не доктар, а дрэвы лечыць. (Дзяцел)

 

Удзень спіць, а ўночы крычыць. (Сава)

 

Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак. (Рыба)

 

Як жывы, дык чорны, як памрэ, дык чырвоны. (Рак)

 

Хто на сабе хату носіць? (Слімак)

 

Над намі ўверх нагамі ходзяць, не страшацца, нікога не баяцца. (Мухі)

 

Без станка і без рук, а кросны тчэ. (Павук)

 

Хто мяне заб’е, той сваю кроў разалье. (Камар)

 

Тонкі галасок, доўгі насок. (Камар)

 

Чоран, ды не воран, рагат, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць – вые, сядзе – зямлю рые. (Жук)

 

Семсот муляроў змуравалі дом без вуглоў. (Мурашкі)

 

Сям’я – душ трыста і багата, ды ўсяго два лакці хата. (Муравейнік, вулей)

 

Снег на полі, лёд на рэчцы, мяцеліца гуляе, калі гэта бывае? (Зімой)

 

Растае сняжок, ажывае лужок, дзень прыбывае — калі гэта бывае? (Вясной)

 

Сонца пячэ, ліпа цвіце, збожжа даспявае — калі гэта бывае? (Летам)

 

Пуста ў палях, мокне зямля, дождж палівае — калі гэта бывае? (Восенню)

 

Ляцяць птушкі без крыл, на дрэвы садзяцца без ног. (Сняжынкі)

 

Белы, лёгкі і пушысты,

Ён укрыў зямлю ўсю чыста.

Я прынёс яго ў дом —

Ён разліўся ручаём. (Снег)

 

Што за беленькая мушка

Апусцілася на вушка.

Ледзь чутно паказытала,

Штосьці вушку пашаптала,

І праз міг яе не стала. (Сняжынка)

 

На ўсе рукі майстар здатны: I дарожнік ён, і шкляр,

I мастак з яго выдатны,

I цудоўны ён цясляр. (Мароз)

 

Без голасу, а вые, без рук, а абрусы сцеле. (Завіруха)

Свеціць і грэе, весяліць і ззяе, усю зямлю ажыўляе. (Сонца)

 

Вее, сее, рассявае, сляды замятае. (Вецер)

 

Як дзяды яны з бародамі, у пушчы цэлымі чародамі Проста дзіва — не звяры, называюцца... (Зубры)

 

З грывай, а не конь,

З рагамі, а не бык,

З барадой, а не казёл

Гучна-гучна зароў

Цар пушчанскіх звяроў. (Зубр)

 

Ён прысмакаў з'еў нямала, А калі харчоў не стала,   Лапу смокчачы, заснуў,

Ледзьве не праспаў вясну. (Мядзведзь)

 

Адгадайце, хто такі

На нагах гісіных

Сярод быстрае ракі

Збудаваў плаціну? (Бабёр)

 

Спакойныя звяры, хвасты ў іх, як лапаты, Без тапароў і піл будуюць сабе хаты.

Вось гэта дык звяры! Завуць іх усе... (Бабры)

 

Рыжая дзяўчынка залезла ноччу ў двор — Курэй пералічыла і ўсіх панесла ў бор. (Ліса)

 

У рыжай разбойніцы

Хвост, як мятла.

Ад кары ўцякла –

Сляды замяла. (Ліса)

 

Хто пад галлём дрэў сігае, Як агнём, хвастом мільгае, Дома ж, сеўшы пад застрэшкам, Лушчыць шышкі і арэшкі. (Ваверка)

 

Не кравец, а ўсё жыццё з іголкамі ходзіць. (Вожык)

 

Мышак ловіць, ды не коцік ён,

І лісты носіць, ды не паштальён.

Каб лісе не трапіць на зубок,

У калючы скруціцца клубок. (Вожык)

 

Напхана пухам, ляжыць пад вухам. (Падушка)

 

Я не чарапаха – робат,

Але працаваць люблю.

Я не слон, але ў свій хобат

З дывана ўвесь пыл лаўлю. (Пыласос)

 

Па тканаму мору жалезны карабель плыве,

Мора пад ім шуміць, услед высыхае.

Сам жа карабель тады кранецца,

Як да сцяны прыпрэцца. (Электрапрас)

 

Яна на яго злосна бурчэла, кідала яго і вярцела.

Яно ж пасля гэтага памаладзела. (Пральная машына)

 

Праз палі, масты, лясы

Ляцяць словы-галасы.

Дзякуючы правадам,

Кажуць тут, а чутна там. (Тэлефон)

 

Пілавінне рассяваю,

І ў час працы я спяваю.

Лес заўжды мяне чакае,

Адгадай, хто я такая? (Піла)

 

Жалезны конь, у жываце агонь,

Есці не просіць, а жне і косіць.

Па полю ўлетку паўзе,

Траву хутка грызе. (Касілка)

 

Не крот, а капае. Лап не мае, а сеянае з зямлі выкідае. (Бульбакапалка)

Конь сталёвы, аўса не просіць, а арэ і косіць. (Трактар)

 

Што гэта за машына, што разам і жне і малоціць? (Камбайн)

 

Гусь па вуліцы ідзе, дзюбай вуліцу грызе. (Экскаватар)

 

Гудзе як пчала, ляціць як страла,

Крыламі махае, хто адгадае? (Самалёт)

 

Плыве ў прасторы ды не ў моры.

Караблём завецца, а ля зорак уецца. (Касмічны карабель)

 

Коўдру, крупы, бохан хлеба –

Я ўмяшчаю ўсё, што трэба,

А сам еду на спіне.

Хто я, ведаеш ці не? (Рукзак)

 

Б’е яго спартсмен ракеткай,

Ён не крыўдзіцца за гэта.

І ніколі ён не плача:

Ні калі ляжыць ці скача. (Тэнісны мяч)

 

Напіўся, наеўся,

На агонь усеўся,

Кашу зварыў

І нас накарміў. (Гаршочак)

 

З ёй спаткаешся тады,

Як захочацца вады.

І цалуеш ты яе

Кожны раз, як піць дае. (Шклянка)

 

То ціхмяны, то ўзвіваецца,

Не сабака, а пужаецца.

Паказвае языкі.

Адгадайце, хто такі? (Агонь)