Вершы пра Беларусь для дзяцей

Родны край
О мой любы родны край,
Ты - прыгожы, нібы рай.
І нідзе ў другіх краях
Шчасным быць не змог бы я.
                                                  Ніл Гілевіч

Радзіма
Бор адвечны, рэк разлівы,
Залатыя горы-нівы,
Неба вольнае над імі, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Дом наш, ласкаю сагрэты,
Продкаў мудрых запаветы,
Мова, спеўная надзіва, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Курганы і абеліскі,
Спапялёных вёсак спіскі
І Чарнобыль за плячыма, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Мары смелыя на старце,
Пагранічнікі на варце,
Ясны свет перад вачыма, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
                                                     Мікола Маляўка

Мой край
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся.
У час трывогі і бяды
З табою мы адзіныя,
З любоўю шчыраю заўжды
Заву цябе Радзімаю.
                                           Валерыя Бароўская

Радзіма
Жыццё падарыла нам дзіва:
Як ветрыку лёгкі павеў,
Аднойчы пачуеш - "Ра-дзі-ма..."
Пасля зразумееш - навек.
І будуць дарогі вяртацца
У той незабыўны куток,
Дзе ў квецені белых акацый
Жыцця твайго чысты выток,
Дзе змалку да болю знаёмы
І дрэвы, і твары людзей,
І роўнага болей якому
Ніколі не знойдзеш нідзе.
                                               Мікола Пракаповіч

Беларускія краявіды
Беларускія
Краявіды...
Перазвоны
Азёр і бароў.
Над палеткамі
Бульбы і жыта -
Песня
Велічных курганоў.
Гэта наша
Зямля дарагая,
Гэта нашы
Лугі і палі,
Над якімі
Спрадвеку лунае
Бусел -
Сімвал
Бяссмерця
Зямлі.
                                                 Анатоль Грачанікаў

Беларусь мая
Бягуць жыты за небакрай
А месяц - ягадны і ройны.
За наш духмяны каравай
Сягоння чалавек спакойны.
Зямлі багатыя дары,
І працаўнік адвеку дбайны:
Свае плугі і трактары,
Свае машыны і камбайны.
Над лесам неба ў жураўлях,
І ўвосень напрарочаць гусі
І новы дзень, і светлы шлях,
І росквіт мілай Беларусі.
                                                   Віктар Гардзей

Мара
Красуй у прасторы вясновым,
Радзімая сэрцу зямля.
Сагрэтая сонцам і словам
Краіна-матуля мая.
Расквеціў лугі, пералескі
Цвіценнем і радасцю май.
Ляціце да воблакаў, песні.
Квітней, мой абуджаны край.
Хачу я ні многа, ні мала, -
Каб спраўдзіць надзею з надзей,
Каб ты, Беларусь мая, стала
Краінай шчаслівых людзей!
                                                      Леанід Пранчак