Дапаможам дзецям авалодаць беларускай мовай

   Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязнае звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы. З боку дзяржавы гэтаму пытанню таксама надаецца вялікая ўвага.

    Так, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у інструктыўна-метадычным пісьме да 2020/2021 вучэбнага года гаворыцца аб тым, што з мэтай папулярызацыі і расшырэння сферы выкарыстання ў жыцці грамадства беларускай мовы, неабходна удасканальваць якасць выхаваўчага працэсу па далучэнню выхаванцаў да багацця беларускай мовы, фарміраванню каштоўных адносін да яе.

   Таксама на заканадаўчым узроўні замацавана магчымасць рэалізацыі права кожнага дзіцяці на атрыманне адукацыі на беларускай мове. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства неабходна на ўзроўні да­школьнай адукацыі прыняць дадатковыя меры, скіраваныя на пашырэнне магчымасці атрымання беларускамоўнай адукацыі.

   Але, нягледзячы на такую вялікую ўвагу да развіцця беларускага маўлення, навучанне дзяцей беларускай мове ў дзіцячым садку мае свае асаблівасці.

Маўленчае развіцце дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці гарадскіх дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца руская мова, а беларуская выступае для іх як другая. Дашкольнікі мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.

   У сувязі з гэтым, сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадскасці, любоў да Радзімы.

   Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, з радасццю на ёй размаўляць. Важна, каб дзеці ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў, родную прыроду. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – педагогах і бацьках. І пачынаць работу трэба з выхавання любові да роднай мовы ў першую чаргу ў самых маленькіх. Вялікае значэнне тут мае асабісты прыклад дарослых. Трэба ўвесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, навучыць адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць. Ступень авалодання як роднай, так і другой мовай у дзіцячым узросце ў многім залежыць ад таго, наколькі поўна і правільна дзіця засвоіла іх на пачуццёвым узроўні. Пачуццё роднай мовы набываецца ў працэсе штодзённых зносін з іншымі людзьмі.

   Выхавальнікі павінны імкнуцца да таго, каб маўленне дашкольнікаў вызначалася не толькі сваёй правільнасцю, але і выразнасцю. Пачынаючы работу па навучанню выхаванцаў беларускай мове, нам, педагогам, неабходна перш за ўсё самім добра валодаць роднай мовай. У сувязі з гэтым, мова педагога павінна быць адной з асноўных крынiц развiцця мовы дашкольнiка, узорам для моўнага выказвання дзяцей.

   У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванню беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах, па напрамках работы:

  • заняткi па развіццю беларускага маўлення і маўленчых зносін;
  • мастацкая літаратура;
  • развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;
  • самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей.

  Вучэбная праграма рэкамендуе таксама пералік лепшых класічных мастацкіх і фальклорных твораў і дакладна акрэслівае задачы па азнаямленню з імі дзяцей розных узроставых груп (пачынаючы з 1-й малодшай):

  • беларускімі народнымі песенькамі і пацешкамі;
  • беларускімі народнымі казкамі;
  • творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;
  • беларускімі народнымі гульнямі.

   Згодна праграме, агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў першай малодшай групе.

   Гэта робіцца з мэтай развіцця ў дзяцей першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, вершы, забаўлянкі, калыханкі, песенькі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

   Перыяд ранняга дзяцінства традыцыйна лічыцца самым спрыяльным для авалодання мовай (як роднай, так і другой) у сувязі з шэрагам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей: сензітыўнасцю да засваення мовы, актыўнай памяццю, лёгкасцю станоўчай матывацыі маўленчай дзейнасці.

  Пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу павінны ўдзяляць рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (фарміраваць першапачатковыя навыкі разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія рэплікі, завучваць і ўзнаўляць кароткія паэтычныя творы), што паслужыць фарміраванню ў іх пачуццевай асновы руска-беларускага двухмоўя.

   У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту выхавальнікі адзін раз на тыдні праводзяць заняткі па развіццю беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін.

   Пры арганізацыі работы з выхаванцамі сярэдняга ўзросту ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту, пераказ).

   У дзяцей старэйшага дашкольніага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы (фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г’], заўседы цвердае вымаўленне гукаў {ч}, {щ} {р} і г.д.). Рэалізацыі гэтай задачы садзейнічае правядзенне “чыстых” заняткаў па гукавой культуры маўлення.

   Навучанне на кожным этапе павінна ажыццяўляцца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.

   Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках выхавальнікі павінны актыўна выкарыстоўваць дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыстагаворкі і скорагаворкі. Вучыць слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

   Азнаямленне з гісторыяй, культурай Беларусі дазваляе паказаць адметнасць беларускай зямлі, побыт яе жыхароў мінулых стагоддзяў, растлумачыць, адкуль пайшлі беларусы, расказаць пра выхаванне імі дзяцей, што ў вялікай меры садзейнічае станаўленню беларускага маўлення дашкольнікаў, расшырае іх пазнавальны інтарэс.

   Асаблiвую ўвагу ў рабоце са старэйшымі дашкольнікамі педагогі павінны надаваць настольным, дыдактычным, развіваючым гульням, якія:

  • садзейнічаюць фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да роднай мовы і жаданне авалодаць ёю;
  • развіваюць звязнае маўленне, граматычны лад мовы, актывізуюць слоўнік;
  • вучаць дзяцей устанаўліваць і разумець сувязi паміж назвамi прадметаў, іх прыкметамi і функцыянальнымі магчымасцямі;
  • садзейнічаюць развіццю ўвагі, мыслення, кемлівасці.

   Рэалізацыю задач беларускага маўлення, згодна з вучэбнай праграмай, неабходна ажыццяўляць таксама на фізкультурных занятках з выкарыстаннем беларускіх народных рухомых гульняў, на музычных занятках, у час правядзення народных свят і г.д.

   Для дзяцей, якія жывуць у рускамоўным бытавым асяроддзі, менавіта гульні з іх разнастайнымі сітуацыямі, сімвалічнымі дзеяннямі ствараюць асаблівую патрэбу ў беларускай мове.

   Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць выхавальніку вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

   Матэрыялам для вывучэння фанетыкі, лексікі, граматыкі беларускай мовы могуць служыць маленькія вершаваныя формы, фальклорныя паэтычныя творы.

   Па форме яны яскравыя, дасціпныя, забаўныя, падабаюцца дзецям, лёгка запамінаюцца, актыўна ўжываюцца ў гульнях. Гарантуюць станоўчую матывацыю засваення беларускай мовы, садзейнічаюць павышэнню дзіцячай самаацэнкі.

   Значнае месца ў далучэннi дзяцей да беларускай культуры, мовы мае арганiзацыя тэматычнага асяроддзя. З гэтай мэтай у кожнай групе дашкольнай установы прапануецца абсталяваць куткі «Мая радзіма — Беларусь». Іх змест павінен фармiравацца ў залежнасцi ад узросту дзяцей. Таксама ў кожнай групе пажадана аформіць кнiжныя куткi, падабраць перыядычныя выданнi ў адпаведнасцi з узростам дзяцей.

   Важнай часткай работы у гэтым накірунку з′яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся. Асноўнай задачай у азнаямленні бацькоў з нацыянальнай культурай з’яўляецца фарміраванне ў іх актыўнай сацыяльнай пазіцыі. З гэтай мэтай трэба анкетаваць бацькоў, праводзіць кансультацыі, бацькоўскія сходы, віктарыны, конкурсы, гутаркі, прыцягваць іх да ўзелу ў народных святах. Знаёміць бацькоў з псіхолага-педагагічнымі асновамі засваення дашкольнікамі роднай мовы, са зместам праграмы развіцця беларускага маўлення дзяцей. Забяспечваць іх неабходнымі даступнымі метадычнымі матэрыяламі для навучання дзяцей беларускай мове ў сям’і.

   Але, фарміраванне беларускага маўлення дзяцей, яго якасць у вялікай меры залежыць усё ж ад выхавальніка, які сам любіць мову і ўмее на ёй размаўляць. Нам неабходна дапамагчы нашым дзецям авалодаць беларускай мовай, выхоўваць іх добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церплівымі і ўважлівымі да ўсяго.

   Толькі з дапамогай дарослых нашы дзеці засвояць нашу родную беларускую мову, назву краіны – Рэспубліка Беларуь, і тое, что ўсе мы - беларусы!